З ранніх дзён асаблівай мэтай...

Сяргей Ясенін

З ранніх дзён асаблівай мэтай
Значыцца ўсё жывое, як дар.
І калі б я не быў паэтам,
Пэўна б, злодзей быў і махляр.
 
Хударлявы і нізкарослы,
Ды герой сярод хлапчукоў,
Часта, часта з разбітым носам
Да сябе прыходзіў дамоў.
 
І цадзіў я спалоханай маме,
Рот хаваючы ў рукаве:
«Глупства! Я спатыкнуўся аб камень,
Гэта к заўтраму ўсё зажыве».
 
І цяпер вось, калі прастыла
Кіпятлівасць пары тае,
Неспакойная, дзёрзкая сіла
Пралілася ў паэмы мае.
 
Сцірта ранішніх слоў залатая,
Зноўку кожны радок яравы
Зухаватасць былую вяртае
Задзіракі, сарвігалавы.
 
Як тады, я адважны і горды,
Толькі крок тоіць новы намер.
Калі білі раней у морду,
То ў крыві ўся душа цяпер.
 
І кідаю, кажу ўжо не маме,
Шарамыжнай, чужой братве:
«Глупства! Я спатыкнуўся аб камень,
Гэта к заўтраму ўсё зажыве!»

Іншыя творы: Сяргей Ясенін