Засталася адна забава...

Сяргей Ясенін

Засталася адна забава:
Пальцы ў рот - і вясёлы свіст.
Прагрымела дурная слава,
Што нахабнік я і скандаліст.
 
Страта смешная, страта без меры!
У жыцці смешны кожны намер.
Прыкра мне, што я ў бога верыў.
Горка мне, што не веру цяпер.
 
Залатыя далёкія далі!
Крылы паліць будзённасці мрэць.
І нахабнічаў я і скандаліў
Для таго, каб ярчэй гарэць.
 
Дар паэта - знішчаючы, вабіць,
Злога лёсу на ім пячаць.
Ружу белую з чорнай жабай
Я хацеў на зямлі павянчаць.
 
Хай не збыўся, хай сплыў, як хваля,
Сон ружовы вясны маладой.
А як д'яблы ў душы гнездавалі,
Дык жылі і анёлы ў ёй.
 
Што ж, адчай весялосці пакіне!
Ідучы ў край, дзе толькі спакой,
Я хачу пры апошняй хвіліне
Папрасіць тых, хто будзе са мной, -
 
Каб за грэх, што даўно нашу я,
За нявер'е ў захмарную гаць
Мяне ў рускай паклалі кашулі
Пад іконамі паміраць.

Іншыя творы: Сяргей Ясенін