Мне сумна на цябе глядзець...

Сяргей Ясенін

Мне сумна на цябе глядзець,
Шкада балючых успамінаў!
Ці толькі вербавую медзь
Нам верасень з табой пакінуў?
 
Забрала сцюжа губ чужых
Тваё цяпло, трапёткасць цела.
Нібыта дождж імжаць не сціх
З душы, што неўпрыкмет змярцвела.
 
Што ж! Мне не боязна яго.
Есць радасці інакшай шчырасць.
Бо засталося з усяго
Хіба што жоўты тлен і сырасць.
 
Дый сам сябе я не ўбярог
Для ціхіх мар, для ўсмешак мілых.
Так мала пройдзена дарог,
Так многа зроблена памылак.
 
Спадман жыцця, пусты разлад.
Не хопіць літасці і злосці.
Як могільнік, услалі сад
Бяроз абгрызеныя косці.
 
Таксама адцвіцём і мы
І адшумім, як госці саду.
Не просім кветак у зімы,
Дык сум па іх — пустая звада.

Іншыя творы: Сяргей Ясенін