Эх вы, сані! А коні, коні!...

Сяргей Ясенін

Эх вы, сані! А коні, коні!
Пэўна, чорт на зямлю іх прынёс.
І ляціць у буйным разгоне
І рагоча званочак да слёз.
 
Снегавая пустая дарога,
Толькі рып, толькі снег і палі.
Ах, як неба наткала многа
Міткалю для марознай зямлі!
 
Стэп ды стэп — ні сабачага брэху,
А ні месяца шлях не сустрэў.
Патрымайся, жыццё: не праехаў
Я ўсяго, не навек пастарэў.
 
Заспявай жа насуперак ночы,
Добры фурман, а я падпяю
Пра дзявочыя хітрыя вочы,
Пра юнацкую волю маю.
 
Эх, бывала, збакірыш шапку,
У аглоблі заводзіш каня,
Кінеш сена ў драбіны ахапкам,
Ляжаш, гікнеш — і згадвай імя!..
 
І адкуль ты, пастава зуха!
Ноч праходзіла — а не да сну.
Над ракою тальянка-спявуха
Угаворвала не адну.
 
Час мінуў. Парадзеў мой волас.
Конь сканаў, наш двор апусцеў.
І згубіла тальянка голас,
Развучылася весці спеў.
 
Але ўсё ж душа не астыла.
Мне прыемныя снег і мароз,
Бо над тым, што было, снежыць крылы
І рагоча званочак да слёз.
 
19 верасня 1925

Іншыя творы: Сяргей Ясенін