На рэчцы зімою

Якуб Колас

Не сядзіцца ў хаце
Хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка,
Цягнуць санкі з дому...
 
Хочацца Алесю
Выйсці на двор з хаты,
Ўзяць з сабой сякерку
Ды ў той лес кашлаты,
 
Стукнуць па дзярвяках
    З-за пляча абухам
І глядзець, як сыпне
Снег халодным пухам,
 
Як стаяць над рэчкай
Хвоі і яліны,
Як ім снег халодны
Нахіліў галіны.
 
– Мамачка-галубка! —
Просіць ён так міла,—
Можа б ты на рэчку
    Пагуляць пусціла?
 
Я не буду доўга,
Зараз жа вярнуся,
Трошачкі на рэчцы
Ў санках паважуся.
 
– Ну, ідзі пабегай,
Толькі апраніся
Ды, глядзі, ў палонку,
Сынку, не ўваліся.
 
Радасць і раздолле
    Хлопчыку малому,
І не пазайздросціць
Ён цяпер нікому!
 
 
На плячо — сякерку,
Саначкі — у руку,
Хлеба ўзяў кусочак.
– Цюцік! — свіснуў Жуку.
 
Пад скарынкай лёду
Тут жа, каля хаты,
Працякала рэчка
    Скрозь лясныя шаты.
 
Побач тэй рачулкі
Кучы буралому,
І застыла рэчка
Мёртва, нерухома.
 
Моцна яе грудзі
Маразамі скуты,
І аковы лёду
Сярод рэчкі ўздуты.
 
Ціснецца вадзіца,
    Не знаходзіць ходу
І не мае сілы
Скінуць глызы лёду.
 
На рачулцы ў лесе
Меў Алесь забаву.
Ну ж і пацяшаўся
Хлопчык тут на славу!
 
– Эх ты, лёд-гвалтоўнік!
Што ты вытвараеш?
Ты нашто вадзіцу
    Крыўдзіш і ўшчуваеш?
 
Бедненькай, ёй цёмна,
Цесна пад табою.
Хай жа пагамоніць,
Мілая, са мною!
 
Дам ёй ход, галубцы,
Каб на свет зірнула! —
І яго сякерка
Спрытна секанула.
Звякае тапорык,
    Глуха стук нясецца.
Раптам клуб вадзіцы
З-пада дна ўзаўецца.
 
Коціць поўзверх лёду,
Іней падымае
Ды такую ж казку,
Байку хлопцу бае!
 
Слухае хлапчынка
Гэты сказ нязнаны,
Спеў, нікім ад веку
    У лесе не чуваны.
 
То яму здаецца
Дудак хор далёкі,
То птушыны ў небе
Голас адзінокі.
 
На душы так ціха,
Ціха і нейк млосна,
І спявае ў сэрцы
Спеў той сугалосна.
 
Гэты спеў дзівосны
    Чары навявае
І такія казкі
Слаўныя складае!
 
І ад гэтай песні
Вее дабратою,
Радасцю і шчасцем,
Мілаю вясною.
 
Ад тэй песні-казкі
Трудна адарвацца,
І ёй струны сэрца
  Хочуць адклікацца.



 
1910

Іншыя творы: Якуб Колас