Вузкае

Якуб Колас

Дні пройдуць сваёю чаргою,
Як шустрыя дробныя хвалі,
І мы дзесь дарогай другою
Паціху дыбаць будзем далей.
 
І сённяшні дзень нам адлічыць,
Запіша, як пісар, хвіліны
І знікне, утраціць аблічча,
Пакінуўшы толькі ўспаміны.
 
Даўно дагарэў наш касцёр той,
        Што грэў нас, глытаючы дровы,
І вогнішча плямкай прыцёртай
Загубіцца ў лісці дубовым.
 
І попел астыўшы асядзе,
У лесе адзін зазімуе,
І можа наш дуб «Сымон Дзядзя»
У холад без нас засумуе.
 
Ды ціхі куток той з дубамі,
Якім мы давалі імёны,
Не раз прамільгне прад вачамі,
        Адлегласці ўзняўшы заслоны.
 
Як восенню шэрыя гускі,
І мы падамося ў свой вырай,
І там не адзін раз аб Вузкім
Успомнім з падзякаю шчырай.



 
14/ХІ 1944

Іншыя творы: Якуб Колас