Муха

Якуб Колас

Ноч. У хаце ўсе паснулі,
Ціха зорачкі мігнулі,
Ў вокны месячык глядзіць.
 
А пад столлю ў павуціне
Бʼецца муха-сіраціна
І так жаласна звініць.
 
Гэты жаль на душу сходзіць
І аб леце думкі родзіць —
Шкода лета і цяпла!..
 
Ночка цьмяна і маркотна,
Ёй уторыць штось гаротна
Звон мушынага крыла.



 
10/Х 1916

Іншыя творы: Якуб Колас