З Каўказа

Якуб Колас

У залатой калясцы сонца
Вандруе зноў у свет дзянёк,
Не змеран шлях яго бясконцы,
Завіты ў сонечны вянок.
 
Замерлі горы ў тонкай сіні,
Глядзіць, як Бог зямлі, Эльбрус,
І патыхае сном пустыні
Яго заснежаны абрус.
 
Маўклівы горы, дзіка-немы,
Не жывяць мыслі іх чала,
І вісне мут адвечнай дрэмы,
Як сум хаўтурнага стала.



 
14/ІХ 1926

Іншыя творы: Якуб Колас