У астрозе вясною

Якуб Колас

Сціхлі песні зімняй буры,
Вее цеплынёю,
Ўскалыхнуўся лес пануры,
Зашумеў вясною.
 
Як бы спуджаныя козы,
Пазбягалі хмары.
Плача зімка, льюцца слёзы,
Ажываюць яры.
 
Скора поле, лугавіны
Ў зелень убяруцца,
Жураўлі з чужой краіны
З крыкам пранясуцца.
 
Хмары ўстануць, і пяруны
Гучна загамоняць,
А ў турме тут сэрца струны
Жаласна зазвоняць.
 
І ўздыхнеш, ўздыхнеш глыбока
Над жыццём разбітым,
І пачуеш адзінокім
Ты сябе, забытым.



 
1909

Іншыя творы: Якуб Колас