Рольнік

Якуб Колас

Цёплы вечар. Ціха ўсюды.
На заходзе сонца.
Хмаркі захад чуць заслалі
Тонкім валаконцам.
 
Ззяюць хмаркі ў пазалоце,
Пажарам палаюць.
За гарою ціха-ціха
Песні заміраюць.
Выйшаў рольнік з хаты ў поле
Ды па межах ходзіць,
Каб пабачыць сваім вокам,
Як Бог жыта родзіць.
 
Твар сурʼёзны ў селяніна,
Важны, задуменны,
Ходзіць, рукі залажыўшы
За той пас раменны.
 
Леглі гожымі радамі
Вузкія загоны,
Апранула зямля-матка
  Кажушок зялёны.
 
Густа жыта маладое
Поле ўсё акрыла,
Лапушное, сакаўное –
Проста глянуць міла.
 
Сям-там колас раскрывае
Свой пучок зялёны,
Дзе-нідзе ўжо яго вусік
Блісне на загонах.
 
Селянін глядзіць з уцехай,
Ходзячы ў тым дары...
Так ні поп, ні ксёндз не ходзяць
Пры сваім алтары.



 
[1908]

Іншыя творы: Якуб Колас