На рэчцы

Якуб Колас

У бераг высокі, дзе лозы растуць,
За хвалямі хвалі бягуць,
І ўсхліпвае рэчка ў пясках залатых,
Як маці па дзецях сваіх.
 
І ў беразе вербы злучаюць свой сум
У гэты нярадасны шум.
 
І неба маркотна, і хмары плывуць,
Іх слёзы на землю цякуць...
 
Прыбіты вадою на срэбраны гак,
Ляжыць невядомы бядак,
 
Ваяка-салдацік ад дому ўдалі...
Яму не знайшлося зямлі!
 
Эх ты, небарака! То, знаць, па табе
Ўсё вецер сумуе ў вярбе,
 
І рэчка у хвалях-жалобе бяжыць,
І смутак імглісты ляжыць...
 
Ды рэчка заціхне, і вецер засне,
І ласкаю неба зірне,
 
І ўсё супачыне, спазнае час свой.
А людзям ці будзе спакой?



 
20/VIII 1916

Іншыя творы: Якуб Колас