"У бярлозе ты радзіўся..."

Якуб Колас

* * *
 


У бярлозе ты радзіўся,
На мякіне гадаваўся,
За скарынку хлеба біўся.
За капейку мардаваўся.
 
І жывеш ты, як скаціна,
Ўсякіх злыдняў корміш многа.
Ад пакуты гнецца спіна,
І не бачыш ты нічога.
 
 
О, каб вочы прасвятлелі,
Каб на вушы быў лягчэйшы,
За быдля б цябе не мелі,
Сцежкай ты б ішоў прасцейшай!



 
[1909]

Іншыя творы: Якуб Колас