Дубы

Якуб Колас

На пацеху, на здзіўленне
Тут дубы стаялі,
І глыбока іх карэнні
Цвёрды грунт аралі.
 
Камлі, велічы грамады,
З бурамі спрачалісь,
І вакол старой пасады
Горда красавалісь;
 
І гулі іх верхавіны
Гутаркаю сталай
Пра даўнейшыя часіны
Долі заняпалай;
 
Пра мінулыя прыгоды
Гіблых часаў слаўных.
Тут стаялі з году ў годы
Сведкі дзеяў даўных.
 
Гожым летам ці вясною
Раніцой на ўсходзе
Штось шапталі між сабою
У добрым ладзе, згодзе.
 
Можа казкі жыцця, долі
Ціха ўтваралі,
Або песні вольнай волі
Там, ў лістох, складалі;
 
А мо сонейка віталі,
Дзень хвалілі новы, –
Не, не ўніклі, не ўчыталі
Іх таемнай мовы.
Наляцелі ж буры злыя,
Толькі ўжо не з неба:
Дзеі, засевы ліхія
Ўзгадавала глеба,
 
Глеба цёмная, сляпая,
Глеба злосці, гневу –
Абудзілась цьма людская,
Плод ліхога севу...
 
Эх, дубы, дубы! вякамі
Вы збіралі сілы,
Не звалодаў віхар з вамі,
Вас здалелі пілы.
 
Ашальмованы вам чолы,
Ссечаны кароны,
І, пасеўшы на верх голы,
Там крычаць вароны.



 
23/ІІІ 1921

Іншыя творы: Якуб Колас