Змітраку Бядулю

Якуб Колас

Адсек і ты, Змітрок, тым часам —
Не жарты: дваццаць пяць гадоў!
І па дарозе да Парнаса
Пакінуў многа ты слядоў.
 
У гэтым доўгім падарожжы
Ты перабраў не мала тэм,
Шмат абразкоў нам даў прыгожых
І шмат аповесцей, паэм.
 
Ды без таго не абышлося —
        Навошта нам таіць грахі? —
Было ў пісьменніцкім пракосе
Крыху нацдэмаўскай трухі.
 
Але на свет з цвілога склепа
Ты смела вынес прасушыць
Свайго «Крушынскага Язэпа»,
Каб выбіць фуз з яго душы.
 
А разам з ім даў галерэю
Другіх тыпажаў і асоб,
Не шкадаваў ні акварэлі,
        Ні фарб алейных ім на гроб.
 
Праз «Салаўя» і «Набліжэнне»
Ты стаў у фокус новых дзён.
Дык хай не ведае зніжэння,
Змітрок, парнаскі твой разгон!
 
Ты не зважай, што часы крушаць,
Згінаюць постаць нашу, стан
І што «гуменца» на макушы,
Як месяц свеціць праз туман, —
 
Дарма: расці і ўглыб і ўшыркі,
        Вітай свой дваццаць шосты год
І не зважай на «нашатыркі» —
Валі з эпохаю ўпярод!



 
[1935]

Іншыя творы: Якуб Колас