Ручэй

Якуб Колас

Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць і грыміць
Срэбразвонны ручэй.
Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім,
І глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім.
 
Абступаюць яго
Чараты, асака,
Падыходзіць мурог
Да яго здаляка.
 
Часам зорка ўначы
На яго кіне зрок,
І хмурынка не раз
Зазірне ў ручаёк.
 
І схіляе трава
Над ім пасмы-брыжы,
А ён, жэўжык-пястун,
Гучным смехам дрыжыць.
 
То заскочыць у гай,
То курган абаўе,
Дзе сярдзіта бубніць,
Дзе лагодна пяе.
 
Люба слухаць той спеў,
Несціханы, густы,
І пад песні яго
Адпачынеш і ты.



 
[1909]

Іншыя творы: Якуб Колас