На міжнародныя тэмы

Якуб Колас

Захадзіўся папа, дванаццаты Пій,
Узяў папа ў рукі апостальскі кій.
 
Выйшаў з Ватыкана, стаў на растанцы
І махае кіем ды ва ўсе канцы.
 
Піша ён пасланне у імя Хрыста,
Піша не на вецер, піша неспраста.
 
Гінуць Гітлер, Гімлер, Герынг, Гебельс, Гес.
Шле за іх літанне папа да нябес.
 
Рухнуў у Еўропе «новы» іхні лад.
        Як не заступіцца за сваіх ягнят?
 
Яны ж той пароды, што і папа сам,
Толькі чуць іначай робяць — хап! і — гам!
 
Папа ўспомніў Бога, літасць да людзей...
Служка Божы папа, дзе ж ты быў раней?
 
І чаго маўчаў ты і не біў у звон,
Калі Гітлер нёс нам ланцугі, палон?
 
Чаму кроў і попел спаленых дзяцей
Не дайшлі да сэрца, да тваіх вушэй?
 
Прыгадай Майданак, Польшчу, Беларусь,
        Землі, што стаптала гітлерава гнюсь.
 
Ты заплюшчваў зрэнкі, вушы затыкаў,
А чаму ж да катаў раптам стаў ласкаў?
 
Лямантуе папа, на увесь свет гала́с.
Кажа: «Бог на крыжы злодзеяў двух спас.
 
Дык вазьміце з Бога прыклады і вы,
Няхай дух германскі існуе жывы.
 
Падаруйце немцу і на гэты раз».
Скажуць табе, папа, людзі на твой сказ:
 
«Злазь ты, папа, з даху, не псуй Боскай брамы
        Ды каціся, папа, да чортавай мамы!»



 
9/І 1945

Іншыя творы: Якуб Колас