На звера

Якуб Колас

К канцу падыходзіць дарога
Крыві і ярма.
Ад ярасці гневу людскога
Збавення няма.
 
Навокал разбойніка-звера
Змыкаецца круг,
І вострыцца помсты сякера,
Куецца ланцуг.
 
Няхай сатанее звяруга,
                Двуногі шакал, —
Не выйдзе з замкнёнага круга
Нямецкі капрал.
 
Узважаны дні яго, лёсы,
Ён лёгкі, як пыл:
Чарвяк не ўзлятае ў нябёсы,
Бо слеп і без крыл.
 
  Апусціцца грозна заслона,
Суд будзе суроў.
Пагібель яго неўнікнёна,
                За кроў аддасць кроў.
 
На звера ў паход, людзі-брацці!
Скідайце ярмо!
Мы імя забойцы пракляццю
Навек аддамо.



 
17/ХІ 1941

Іншыя творы: Якуб Колас