"Празрыстае неба, зялёны грудок..."

Якуб Колас

* * *
 


Празрыстае неба, зялёны грудок,
Атулены рэчкай, дубамі.
Тут пчолы гудуць і збіраюць мядок,
Гваздзічка лясная цвіце, чабарок.
Лес пахне смалою, грыбамі.
 
У ценю пад дубам, дзе ззяе рака,
        Малюнак разгорнут дзівосны:
Ляжыць чалавек, задае храпака.
Ці то стомлены, ці пʼяны злягка
                Ад пахаў, што шлюць сюды сосны.
 
А побач жанчына, гваздзічкі мілей,
З мяцёлкай пахучых галінак,
Махае мяцёлкай, бы крыллямі фей, —
«Куслівы камарык, глядзі, не дурэй,
То ж я каравулю спачынак!»
 
О, праведны Божа!Я толькі ўздыхну,
Успомніўшы тыя хвіліны,
І думаю я пра сваю старану,
Не ведаю толькі я, ці засну
                Пад доглядам мілай жанчыны.



 
1943

Іншыя творы: Якуб Колас