На Захад

Якуб Колас

Апала заслона мядзяная хмар,
На захад плывуць іх клубы.
А я пазіраю ў знямелы абшар,
А ў сэрцы так многа журбы!
 
Вандроўніцы-хмары,
Нябёсаў украсы!
Зрадніўся я з вамі
Ў далёкія часы.
 
На ветравы крыллі паслаўшы руно,
Здаецца, замлелі яны,
Як мара, як сон той, што сніўся даўно
У досвітак ранняй вясны.
 
  Клубястыя хмары,
Куды вы плывеце?
Ой, многа вам, многа
Прастору на свеце!
 
Стаю, пазіраю ў блакітны разлог,
І колькі там дум паўстае!
Чаруюць і вабяць прасторы дарог
На захад, дзе межы мае.
 
Купчастыя хмары,
Куды вас мкне вецер?
Вы роднаму краю
Мой сум занясеце!
 
Гаруе краіна пад жорсткай пятой,
Як прагне збавення народ!
І дуб мой над рэчкай глядзіць сіратой,
Галіны схіліўшы на ўсход.
 
Грымотныя хмары!
Рассыпце маланкі
На голавы катаў
З нябеснай палянкі.
 
  Павісла над лесам у родным краю
Удушлівай гары імгла.
Пячаць непакоры ў смяртэльным баю
На чола народа лягла.
 
На захад, на захад
Спяшайцеся, хмары,
Варожаю кроўю
Заліце пажары!
 



 
16–17/VI 1942

Іншыя творы: Якуб Колас