Пясняр

Якуб Колас

Кажуць людзі: «Што ты смутны?
Што спяваеш ты пра гора?
Твае песні – стогн пакутны,
Слёзы ветру на прасторы!
 
Ты злажы нам песню волі,
Песняй шчасця залівайся,
Ціхім спевам нівы ў полі
Ў струнах сэрца адклікайся,
 
Каб на нас вясна дыхала,
Грэла душу цеплынёю,
Каб нам сэрца сагравала
Ціхім шчасцем, дабратою».
 
Ой вы, людзі! Няма ж волі:
Скуты мыслі ланцугамі.
Пусты нівы нашы ў полі,
Злосны віхар дзьме над намі!
 
Ці ж я сэрцам не хварэю?
Ці ж мне смутак лёгка даўся?
Я спяваю, як умею,
Я пра радасць пець не здаўся.



 
[1908]

Іншыя творы: Якуб Колас