Памяці П. Асіпенка і А. Сярова

Якуб Колас

Журбою заслаўся наш радасны дзень,
Паў смутак на сэрца краіны:
Жыцця маладога пагаснуў прамень —
Не стала Сярова, Паліны!
Я слоў не знаходжу, каб выказаць жаль
І вострую горыч утраты.
Ужо не сустрэне надземная даль
        Арліных іх крылляў разнятых.
Не ўчуюць раўніны і выступы гор
        Іх звонкую трэль перамогі,
Што край падымала далёка ў прастор
І новыя ткала дарогі.
Любімцы народа, героі вышынь
Не ведаюць страху ніколі,
І вышай ды вышай у ясную сінь
Імклівіць палёт іх саколлі.
Сляды агнявыя іх слаўных дарог
        Што здолее ў свеце зацерці?
Вясёлкаю вечнай шлях іхні пралёг, —
        Няма забыцця ім і смерці!



 
13/V 1939

Іншыя творы: Якуб Колас