У судзе

Якуб Колас

Янку прыгавар чытае
Член акружнага суда:
 
«Суд праўдзівым палагае
За праступак, што Дуда
Учыніў па добрай волі,
Ў цвёрдай памяці, вуме,—
За пакражу жыта ў полі
Пратрымаць год у турме!..»
– А турму ты як адбудзеш,—
Кажа член, каб горш кальнуць,—
Дык правоў ты мець не будзеш,
Нават соцкім не збяруць!
 
Пакланіўся, асцярожна
Янка члена стаў пытаць:
– Мой паночку! Ці не можна
Тых правоў і з сына зняць?
 



 
[1910]

Іншыя творы: Якуб Колас