Ка́ты

Якуб Колас

Забойцы, нямецкія гады,
Пісалі да Гітлера ката:
— Хайль, фюрэр! твае ўсе загады
Выконвалі верна і свята.
 
Сумленна працуе гестапа,
Твае памятаючы словы.
Арыйцы з Берліна, Гальдапа
Заводзяць нямецкі лад новы.
 
У кожным мястэчку, пасёлку
Мы трупаў навальваем стусы.
Гніюць у зямлі, на падолку
Жыды, літвякі, беларусы.
 
Капаем мы іх жа рукамі
Равы на кілометры, мілі
І звозім іх грузавікамі
Усіх непакорных к магіле.
 
Пабачыў бы, фюрэр, ты гэты
Малюнак, што варт твае кісці.
Яго не апішуць паэты,
Здабыўшыя лаўравы лісці...



 
[1943]

Іншыя творы: Якуб Колас