Дудка

Якуб Колас

За гарою дудка грае,
Як бы плача ў цішыне,
І на сэрца навявае
Ціхі жаль і смутак мне.
І гаворыць песняй тою:
«Я — сляза твае душы,
Што часінаю ліхою
Ўзгадавалася ў цішы
 
І упала адзінока,
Як ты долю праклінаў;
Я — той крык, што ты глыбока
Ў сваім сэрцы пахаваў;
 
Я — плач ветру на прасторы;
Я — пакутны, горкі спеў;
Я — няведамае гора;
Я — нявыказаны гнеў...»
 
Грае дудка, вымаўляе,
Плача дробнаю слязой
І ціхутка замірае
Дзесь у полі за гарой.



 
[1910]

Іншыя творы: Якуб Колас