Радасная сустрэча

Якуб Колас

Нявесела ў хаце,
Трывожна ў сяле.
Ні хлеба, ні солі
Няма на стале.
 
І татку забралі
У войска паны,
А дзеці — іх трое —
Пры матцы адны.
 
І што цяпер будзе? —
        Гадае Пятрок.
Яму ж ужо стукнуў
Дзевяты гадок.
 
Пара б і вучыцца,
Дык школы няма,
І панскія школы
Не вучаць дарма.
 
Няма ў што адзецца,
Плаціць няма чым.
І кружацца мыслі,
        Як мухі, над ім.
 
А гляне на ногі
Пятрок на свае —
І лыка на лапці
І то нестае.
 
Надраў бы, каб можна,
Лазовай кары —
Лясы ж і балоты
У панскім двары.
 
А бацька ваюе...
        За што? За каго?
Ці ўбачыць жывога
Ён татку свайго?
 
 
На сэрца кладзецца
Дум горкіх цяжар.
Але ён у хаце
Адзін гаспадар.
 
 
  *
 
З вайны ідуць весці
Панам не пад густ.
І Бэк і Рыдз-Сміглы
        Пашыліся ў куст.
 
Пабег пан Масціцкі,
Складкоўскі-Славой
За ім пакаціўся,
Як голы навой.
 
Забегала панства,
Графы і князі,—
Адно толькі чуеш
Каманду: «Вязі!»
 
Бягуць, уцякаюць,
        Аж пяты бразджаць.
І рушыла раптам
Чырвоная раць!
 
Сталёвая лава,
Як гром, ураган, —
За танкамі танкі,
Бы хмар караван.
 
Імкнуць, як разводдзе,
Як морскі прыбой.
Змятаюць вяльможных
        Савецкай мятлой.
 
Народ высыпае
З пагорбленых хат:
— Ох, сіла ж якая!
— Ох, колькі ж гармат!
 
Рабочыя рукі
Кавалі яе
Для яснае долі,
Для волі свае.
 
І гэтую волю
        Прыносіць сюды
На сцягах савецкіх
Танкіст малады.
 
Выходзіць насустрач
Дзяўчат чарада.
Байцы і сяляне —
Адна грамада.
 
Пятрок пазірае,
Не верыць вачам.
Байцы, камандзіры!
        Вы родныя нам!
 
Глядзіць, з-за узгорка —
І хто ж гэты хват? —
Ідзе басаногі
Ваяка-салдат.
 
А боты ўрачыста
Нясе на плячах.
Шынелька — жаль глянуць,
Кіёк у руках.
 
Бліжэй падыходзіць,
        Гукае здалёк:
—Збавіцелям слава!..
Дзень добры, сынок!
 
—То ж бацька мой, татка!
Як крыкне Пятрук.
І сына цалуе
Ваяка Паўлюк.
 
— Даволі пакуты!
Згінь, панская мразь! —
І канфедэратку
        Ён вобземлю — бразь!



 
7/Х 1939

Іншыя творы: Якуб Колас