Рагатка

Якуб Колас

I
 
Задумаў Міхась наш рагатку набыць.
Ён сам яе мог бы зрабіць,
Ды вось бяда, непаладкі:
Рызінкі няма для рагаткі,
        Няма шырпатрэбы
        Для важнай вучэбы,
Для практыкі рознай, стральбы.
        Не забывайце пра войны! —
Ён паказаў бы вам нумар любы,
        Будзьце спакойны!
О, каб рагатка была!
Ляцеў бы каменьчык, страла,
        Ляцелі б далёка,
        Высока —
Пад самыя хмары!
Што значыць Міхалку
Падбіць, скажам, галку,
Варон са дзве пары!
Ды што яму — птушку?
Ваўка пасадзіў бы на мушку!
Вось толькі б рызінку,
        Браточкі мае,
        Вось толькі б яе!
Рызінкі ж няма і на рынку.

II
 
Пытаўся Міхась у суседзяў,
Распытываў Васек і Федзяў,
Меў гутарку з Інкай,
Захоплены гэтай рызінкай.
Рызінкі ж няма і няма.
Не раз уздыхнуў ён — эхма!
Нарэшце тут Гомік памог,
Міхасеў сусед.
Навёў ён Міхася на след —
Схадзіць у аптэку на рог,
Хады дзве хвілінкі,
І там запытацца рызінкі.
 
Гомік — малайчына! Больш такіх галоў!
Ёсць там, ёсць рызіна!
Ёсць, каб я здароў!
Справа за грашыма.
Эх, загнаць капейку
На рызінку тую,
На яе, зладзейку!
Дабываць прыйшлося
Грошы неўзаметкі...
Спачуваю вам я,
Мілыя вы дзеткі!
 
Збіралі па грыўні,
Капеек па пяць.
І цётка і дзядзька
Ім мусілі даць.

III
 
У Міхася капітал,
Не вялік ён і не мал:
Пяцьдзесят капеек!
І ў аптэку з сябруком
Па абедзе вечарком
Выбраліся неяк.
І нікому ні гу-гу!
Ідуць весела ў нагу
Фізкультурным крокам.
        І не зганіць іх ніхто:
На трамвай і на аўто
        Кінуць зоркім вокам.
На мост нашы хлопцы ўзышлі,
        Ідуць тратуарам,
Аддаўшыся марам.
Тут... Вось тут зевака і далі!
Не агледзеўся Міхась,
        Як малыш да яго — шась!
        Запыніў на мосце.
        Палінялы яго нос,
        Вочы, поўныя пагроз,
        Лютасці і злосці.
        Вось пацан —
        Хуліган,
        Вулічны выжыга! —
        Да Міхася:
        —Землячок!
        Дай пятачок!
        Чуеш?.. Мігам!
Спыніліся нашы дружакі —
        Страхоцце!
Населі на іх забіякі
        Ў лахмоцці.
        Лютыя, злыя,
        Ссунуўшы бровы,
        Хоць і малыя,
        А выгляд суровы.
        Лезуць сляпіцай,
        Грозячы фінкай,
        Як адчапіцца?
        І як быць з рызінкай?
Крыкні — яшчэ будзе горай —
Фінкаю бок ім прапора.
        А людзям няўзнакі,
        Не бачаць бяды той,
        Што на дружакаў
        Напалі «бандыты».
Павёў наш Міхась перамовы
І кажа грабежнікам так:
«А дайце нам чэснае слова,
Што не возьмеце больш як пятак».
Гаворыць Міхаська, а голас дрыжыць,
І слёзка на вочы бяжыць.
        А той падшывалец
        Пусціў у ход палец,
Залезшы Міхасю ў кішэню.
        Прапалі надзейкі:
        Усё да капейкі
        Зграбастаў нягоднік у жменю.
Эх, Гомік, мой братка!
Прапала рызінка, рагатка!
        Плакаў Міхась з гора,
        Гомік спачуваў.
        Ды дзіцяча гора
        Адыходзіць скора.
        І Міхась нядоўга
        Плакаў, гараваў.
І ўжо каля дому
Ён сказаў сурова:
—Гомік! Ты ж нікому
Ані-ні, ні слова!
 
        А дома ў зацішку
        Сядзелі хлапчышкі,
        Ламалі галовы над планам,
        Якую адплату
        Прыдумаць праклятым
        Грабежнікам тым, хуліганам.
        Папросяць, вот, Мішку —
        Асілка-хлапчышку —
        Палічыць нягоднікам косці!
        У думках, у марах
        Аб помсце, аб карах
        Спагналі яны свае злосці.
        А рагатка тая —
      Рэч, сказаць, пустая.



 
[1934]

Іншыя творы: Якуб Колас