Аўтару прадмоў да твораў «Старых» пісьменнікаў

Якуб Колас

Піша, піша Бэндэ,
Крытык наш суровы,
Да паэм даўнейшых
Грозныя прадмовы.
 
Час ідзе, і твораў
Тых не знойдзеш з свечкай,
І аб іх заціхлі
Гутаркі і спрэчкі.
 
«Новая зямелька»
Сталася старою,
Выраслі калгасы
Гэтаю парою.
 
А наш крытык піша,
Піша і сівее,
Мабыць іх напіша,
Калі Колас стлее.
 
Новая эпоха,
І кірунак новы...
Можа ці патрэбны
Бэндавы прадмовы?



 
[1933]

Іншыя творы: Якуб Колас