Песня над калыскай

Якуб Колас

Аа-аа, мой сынок!
Аа-аа, мілы!
Не крычы, не плач: дарэмна
Ты патраціш сілы;
 
А без сілы, мой сынок,
Жыць на свеце трудна...
Ой ты, вецер, не шумі,
Не спявай так нудна!
 
Спаць Міхаську не даеш...
Спі, мой сын маленькі!
Я цябе пакалышу –
Ай, люлі-люленькі!
 
Што цябе чакае, сын?
Што твая за доля?
Можа й ты пот будзеш ліць
У чужое поле?..
 
Будзеш летам ты хадзіць
На плыты, на згоны,
З Коўна матцы прынясеш
Хоць гарсэт чырвоны...
 
А то, можа, купіць пан
Твае рукі, сілы?
Паднявольным будзеш ты,
Сын мой, да магілы!
 
А мо ў школку пойдзеш ты,
Будзеш чалавекам, –
Без навукі цяжка жыць
Гэтым трудным векам.
 
Кінеш матку, па чужых
Ты па людзях пойдзеш,
І на шчасце нападзеш,
Долю сваю знойдзеш.
 
Матку ўспомніш ты сваю,
Як цябе люляла,
Як табе ўначы не раз
Песенькі спявала.
 
І гасцінца мне прышлеш,
Не забудзеш маткі.
Вось уцешуся тады,
Аж запляшчу ў ладкі!..
 
Аа-аа, мой сынок!
Люлі, люлі, мілы!
Ой, не плач ты, не крычы,
Набірайся сілы!



 
1906–1907

Іншыя творы: Якуб Колас