Нязбытныя надзеі

Якуб Колас

Ціха калоссі, схіліўшы галовы,
Шэпчуць у межах палёў,
Толькі ж не слухае неба іх мовы —
Скаргі ржаных каласоў.
 
Сіняе неба ўсё сонцам заліта.
Полудзень. Вар. Цішыня.
Дожджыку просіць зялёнае жыта,
Прагне вады ярына.
 
 
        *
Ша! Хмарка, хмарка дарагая
Паўзе па небе з-за лясоў!
Яна — надзея, радасць гаю,
Жаданне красак, каласоў.
 
Бо сонца ж так пячэ без жалю,
Бо душна, горача ў палёх,
Смуга сухая крые далі,
Мальбы ж раслін не чуе Бог.
 
Нямее ўсё, маўчыць, чакае,
Надзеі тоіць ўсё вакол,
І прагна вільгаць палыкае
Акамянелы, пылкі дол.
 
Глядзіць і лес і луг з мальбою.
Гадае, думае зямля,
Што хмарка дожджыкам-слязою
Спадзе — ажывіцца ралля,
 
І ў неба дойдзе плач з туманам,
Што сівым дымам нема звіс
Над цёмным лесам і курганам,
І ліне дожджыкам наніз.
 
Плыве хмурынка ў сінім полі,
Мінае лес, мінае гай —
Яна не чуе крыку болю,
Бо вабіць хмарку іншы край.



 
[1909]

Іншыя творы: Якуб Колас