С. Гарадзецкаму

Якуб Колас

Я хадзіў па лесе, дружа,
Па дубовым лесе.
Павучкі снавалі кужаль
На дубовай стрэсе.
Дол укрыла жоўтым лісцем
Восеньская сцюжа.
Як прыемна па ім брысці,
Каб ты ведаў, дружа!
 
Аглядаў я лесу сховы,
        Як ляснік дасужы,
Выбіраў я кій дубовы
Для цябе, мой дружа!
 
Кій — апора і падмога
І хады аружжа.
Не судзі ж яго ты строга,
Хоць ён і няўклюжы.
 
Дык няхай ён праўдай-верай
        Доўга табе служыць,
Многа ясных сцежак змерай
        З гэтым кіем, дружа!



 
Вузкае
25/ХІ 1944

Іншыя творы: Якуб Колас