Былінцы на памяць

Якуб Колас

У прошласць сыдзе дзень пануры,
Той дзень глухі, калі
На нас глядзелі гэтак хмура
Шурпатыя камлі.
 
А па баках дарог заглухлых
Ляжаў ужо сняжок,
Хоць дуб яшчэ лістоў пажухлых
Не скінуў на лужок.
 
Звісалі хмары над зямлёю
        Ды сеялі імжу,
Мне ж радасна было з табою,
Па шчырасці кажу.
 
Не доўга мы хадзілі ў лесе –
Няўтульна ў ім было,
Нас вабіла з табой, Алеся,
Знаёмае сяло...
 
Мы адыдзёмся ў часе далей
І, глянуўшы назад,
Хіба не ўспомнім з ціхім жалем
        Той хмурны лістапад?



 
11/ХІ 1946

Іншыя творы: Якуб Колас