«Рыну»

Якуб Колас

Было, ды звялося — свет іншы паўстаў.
А вось што мне дзед мой нябожчык казаў:
 
«Была ў сяле хата на дзве палавіны,
Прасторны абедзве, як тыя адрыны.
 
Але пуставала адна палавіна:
Уночы, як пойдзе пад поўнач часіна,
 
Прыходзіць ціхутка туды Невядомы,
Прыходзіць нявідны, стаіць нерухомы.
 
І толькі гаворыць: «Ой, рыну ж я, рыну!»
І кожны, пачуўшы такую навіну,
 
Барджэй бег наўцёкі, бег вон з тае хаты...
І што ты парадзіш? Той дом быў закляты!
 
Чаго ні рабілі — вадой акраплялі,
Папоў і ксяндзоў там маліцца склікалі, —
 
Сваё вядзе «Рыну», і хата пустуе.
Але раз падвечар салдацік вандруе.
 
Прыходзіць служывы: — Эй, добрыя людзі!
Прыпынак салдату на ноч ці не будзе?
 
— І рады б, саколік, ды ліха такое:
Не будзеш мець, родны, ўсю ноч ты спакою.
 
Ёсць у нас хата, але заклятая:
Там «Рыну» прыходзіць і сон адганяе.
 
— Нічога не зробіць ваш «Рыну» салдату.
Заходзіць служывы ў заклятую хату.
 
Паслалі салдату, як добраму пану.
— Пабудзіце, братцы, як сам я не ўстану.
 
Салдат разваліўся і выцягнуў ногі,
Салодка зяхнуў так, вядома, з дарогі,
 
Як пласт паваліўся на мяккае сена
(На ўсякі выпадак узяў ён палена).
 
Даўно не ляжаў наш салдацік так пышна.
Ляжыць сабе гэта, крыху такі сцішна,
 
Але сваё права і сон забірае
І вочы салдату драмком засцілае.
 
Вось поўнач падходзіць — магільная ціша,
Замерла ўсё вокал, здаецца, не дыша.
 
 
Салдат здрыгануўся, прыслухаўся — «Рыну»!
Пабеглі мурашкі ў салдата па спіне.
 
А страх неадступна: «Ой, рыну я, рыну!»
Ды так непрыемна, ды так надаедна.
 
Не вытрываць, чуе салдацік наш бедны.
Давай абувацца, забыў і палена,
 
І верціць анучы, прыгнуўшы калена.
А тут, як на ліха, і бот загубіўся,
 
А «Рыну» над вухам, як шэршань, убіўся,
І дудзіць, і дудзіць: «Ой, рыну я, рыну!»
 
— Не, брат, дарма ты, а бот я не кіну:
Казённыя рэчы важней твайго «рыну».
 
Салдат аж пацее, хапаецца, рые —
Няма таго бота, а «Рыну»аж вые,
 
Няма з ім ратунку у проклятай хаце!
— Рынь! рынь жа, брадзяга! рынь, згінь твая маці! —
 
Цярпення не стала, салдат узлаваўся.
І што ж? гэты «Рыну» у момант распаўся!
 
І поўніцца хата ў міг срэбраным звонам,
Бо сыпнулі грошы дажджом незлічоным».



 
20/Х 1916

Іншыя творы: Якуб Колас