Песнярам савецкай зямлі

Якуб Колас

Мы расчынім вам дзверы гасцінна
І сустрэнем, як родных сваіх,
Ды на покуць, як быць і павінна,
Вас пасадзім, гасцей дарагіх.
 
 
У прыязнай і шчырай бяседзе
Падагулім здабыткі свае,
Што зрабілі і мы, і суседзі,
І чаго нам яшчэ нестае.
 
Мы — сямʼя маналітнай краіны,
Дзе Саветы трымаюць стырно;
Нам, як дзень, нашы ясны пуціны,
На увазе ж мець будзем адно:
 
Для Радзімы свае складаць песні,
Як нідзе і ніхто не складаў,
Каб спявала іх з намі сумесна
Па ўсім свеце адна грамада.
 
Прывітанне вам, госці, баяны
Неабсяжна вялікай зямлі,
Што разводдзем вясеннім зʼяднаны
На савецкія гоні ўсплылі.



 
7/ІІ 1936

Іншыя творы: Якуб Колас