Заход сонца

Якуб Колас

Дагараў дзень, і знікалі
Ціха яго блескі,
У змярканні прападалі
Гай і пералескі.
 
Над раўнінай снегавою
Чырванню пажару,
Як бы стужкай залатою,
Ззяла ў бляску хмара.
 
І ўзняліся, заігралі
        Два слупы ад сонца,
Чуць прыметна ў іх дрыжалі
Хмарак валаконцы.
 
Бляск па небе разліваўся
Хваляй агнявою.
Я стаяў і любаваўся
Дзіўнаю гульнёю.
 
І далёка скрозь па полі
Гладзь снягоў бялела.
Я глядзеў — душа ж па волі
        Плакала і млела.
 
І ўзнімаўся дым клубкамі,
Злёгку пазлачоны,
І з апошнімі касамі
Знік і слуп чырвоны.
 
І я думаў, што ў аконцы
Ты, як я, стаяла,
На апошні погляд сонца
Смутна пазірала.
 



 
27/І 1911

Іншыя творы: Якуб Колас