Песня няволі

Якуб Колас

Як лёгкі дым, як тонкі пар,
Расталі ў небе кучы хмар.
 
Ой, гладзь нябёс далёкая,
Крыштальная, глыбокая!
 
Як моцны гук, прызыў вясны
З тваёй пачуўся вышыны!
 
Прастор, прастор і воля там,
Але не нам яны, не нам!
 
Запёрты мы, прыдаўлены,
І краты нам прыстаўлены.
 
Высок, высок паркан-сцяна,
Нам песня волі не чутна.
 
Не нам вясна, не нам прастор, –
Нам мур сыры, нам цесны двор.
 
Гады ў няволі адцвітуць...
Не плач, душа, вясну забудзь!



 
[1910]

Іншыя творы: Якуб Колас