Апошні лісток

Якуб Колас

Ў апусцелым садку
Глуха вецер шуміць,
На галінцы лісток
Баязліва дрыжыць.
 
Ўсе лісточкі даўно
Вецер-сівер разнёс,
Толькі гэты лісток
Моцна к дрэву прырос.
 
Трэпле бура яго,
    Палівае дажджом,
Разлучацца ж яму
Шкода з родным гняздом,
З тэй галінкай, дзе ён
Жыцця радасць пазнаў,
Дзе вясной вецярок
З ім любоўна шаптаў
 
І блішчала на ім
Летнім ранкам раса,
Цалавала яго
    Залатая каса...
 
Эх, аджыў ты свой век,
Жоўты ліст-бедачок,
А на весну цябе
Скіне новы лісток.



 
22/Х 1910

Іншыя творы: Якуб Колас