Песня аб Сталіне

Якуб Колас

Новае сонца над намі ўзышло,
Нашы пуціны сагрэла,
Сталін! Твой розум і сэрца тваё
Край ажывілі знямелы.
 
Ноч беспрасвецця навекі сышла,
Дзён ліхалецця не стала.
Мудры наш сейбіт! Праменні святла
Сееш ты шчодра і дбала.
 
Глянеш на гоні, на пожні, лясы —
        Ветла глядзяць нашы далі.
З намі спяваюць на ўсе галасы
Песні табе, родны Сталін.
 
Там, дзе ты кінеш арліны пагляд,
Радасна ўсё ажывае.
Творчая праца, і згода, і лад —
Дружба народаў святая.
 
Яснай дарогай далей і цвярдзей
Смела ідзём грамадою.
Нас не пужае здань грозных падзей:
        Мы, правадыр наш, з табою.
 
Сілы народа падняў ты з глыбінь,
Сілай сваёю узброіў.
Наша краіна — сямʼя гераінь.
Слаўнае племя герояў.
 
 
За радасць, за шчасце, за светлую шыр
Падзяку прымі, правадыр.



 
[1939]

Іншыя творы: Якуб Колас