Ігрышча

Якуб Колас

I
 
У карчомцы грук вялікі,
Гоман шумны, малады...
Ну й музыкі ж, дык музыкі!
Скуль прыйшлі яны сюды?
Як засыплюць, як заграюць,
Мо б і хворы не ўтрываў!
А скрыпач ды як уярыць –
Проста чорт ім кіраваў!
Як шалёны, смык лятае,
          Скрыпка ж голасна звініць,
Ну, дзівота, як жывая,
От, здаецца, гаманіць:
«Тупай, тупай, весяліся,
Прапіў грошы – не журыся.
Няма грошай – што парадзіць,
Калі нам нідзе не вадзіць!»
А другая скрыпка тонка
Як заграе, як утне
Дробна-дробненька ды звонка,
          Ну, аж скуру шаргане:
 
«Ці-лі-лі, ці-лі-лі!
Усе веселы былі,
Выпівалі і скакалі,
Ракам ганачка шукалі.
 
Не валяйся, брат, пад плотам
З адным лапцем, з другім ботам!
Эй, Сымон, Сымон, Сымон!
Не валіся на загон!»
 
І басэтля безупынку
          Ўсё раве і ўсё раве,
Пеклам робіць вечарынку,
Аддаецца ў галаве:
 
«І не далей, як удзень,
Ты маўчала, як той пень,
А цяпер ты – дубам дуб.
Тупу-тупу! Тупу-туп!
Гух, як басам зараву,
Дык аж струны перарву.
Ты паслухай, Апанас,
        Што за голас, што за бас!»
 
Рэпіць дудка, не даецца,
Адатне ды зноў пачне,
Як зальецца, як зальецца,
Проста сэрца страсяне:
 
«Не дарую,
Не дарую,
Бо нашто ты
Браў старую?
І старую,
        І рудую...
Засярдую,
Засярдую!»
 
Хлопцы ног не шкадавалі.
«Гэй, Паўлюк! Вярні-валі!»
І кружыліся, ляталі,
Нібы тыя матылі.
А дзяўчаты – макаў цвецік,
Шчокі ружамі цвітуць.
Аддасі ты ўсё на свеце,
          Як чарамі аплятуць.
А як пойдуць яны ў скокі –
Кроў гарыць, ну, любата!
І хоць сам скакаць не дока,
Але дол таўчэ пята.
Кончаць танцы, адпачынуць,
Пот музыкі абатруць.
Хлопцы проста ў снезе стынуць,
Потым зноў у скокі пруць.

II
 
У карчму зімовым часам
        Валам ціснуўся народ,
Забаўляўся самапасам
Дні і ночы напралёт.
Моладзь ладзіла ігрышча,
Людзі сталыя – банкет,
А другі, няшчасны шкет,
Проста так сабе пасвішча.
Ды затое ж якіх толькі
Не нагледзішся тут штук!
Тут і вальсы, тут і полькі,
          Гоман, жарты, смех і гук,
Асабліва ў часе скокаў,
Ну, як, прыкладам, цяпер,
Калі ўвесь натоўп галёкаў
На свой лад, на свой манер.
Ды, сказаць, было і трудна
Лад, спакой тут захаваць:
Як пачнуць музыкі граць,
Загізуе і марудны!
 
Дык не дзіва, што старога
        Падбіваў чорт Базыля:
– А паслухай ты, нябога,
Жарнеш, га? Мо «каваля»? –
І пад бок штурхець Кандрата!
– А што думаў ты? Давай! –
І Кандрат устаў заўзята:
– Гэй, музыкі, залівай!
 
На хвілінку ўсё замерла
Ад басэтлі да дуды:
Што скакаць ім так прыперла
          У старэчыя гады?!
 
– Грайце, хлопцы! – Базыль крыкнуў.
– «Каваля»! – гукнуў Кандрат
Ды адразу як падбрыкнуў,
Рассмяшыў усіх дзяўчат.
Стаў Кандрат з Базылём
Пасярод карчомкі.
Валасамі-галлём,
Нібы тым памялом,
Страсянулі ёмка.
 
То адзін, то другі
Плечуком ускіне.
Рукі іх – лук тугі.
І пастава іх нагі
У належным чыне.
 
Тупнуў першы Базыль
Ды падаўся ўправа,
Заламаў набок брыль
І мільгнуў, як матыль,
Спрытна і рухава.
 
І Кандрат яму ў лад
Зачынае хвацка,
Аж халат, рад не рад,
Ідзе ўперад, назад,
Як і шапка-пляцка.
 
І пайшлі гаварыць
Ногі, як віхура.
Скуль у іх тая прыць!
Ну, здаецца, гарыць
На іх сама скура!
 
Ну і шум быў тут, шум, –
Не давядзі Божа!
Пляскаў сват, пляскаў кум,
Падняў шурум-бурум
З радасці Амброжы:
 
Узабраўся на стол,
Лапцямі тупоча,
Крышыць, ломіць, бы вол,
Полы горне ў прыпол –
Танцаваць сам хоча!
 
Людзі сталых гадоў
Проста лезлі з скуры
І на сотні ладоў
Выхвалялі дзядоў,
Здольнасць іх натуры.
 
А яны, скакуны,
Поўныя запалу,
Як блазны-буяны,
Рэпяць – пот лье буйны.
Здабываюць хвалу.
          То назад, то ўпярод...
Скончаць – пачынаюць...
Бʼюць далонямі ў бот,
Ды ў адзін той заход
Яшчэ й выцінаюць:
 
– Ой, ты, куме, мой кумок,
Бадай табе трасца ў бок!
А бадай ты не даждаў:
Дзе ты ўночы прападаў?
Ці не быў ты у Цацэлі
          Або ў Тэклі ці ў Марцэлі,
Або, можа, у Югалі?
Дзе чарты цябе ганялі?
– Ой, кума, нашто той глум! –
Джургануў чупрыну кум, –
Такіх краль нідзе няма,
Як ты, мілая кума.
Да цябе я бег, спяшаўся,
Ды мой лапаць развязаўся.
Не звязаў бы я абору,
        Ды мне Бог паслаў Тадору.
Ой, Тадора, ой, кума!
Задушыла б вас чума!
Ці ж не глум над нашым братам –
Узвадзіць паклёп дарма?
 
– Малайцы Базыль з Кандратам! –
Загрымела ўся карчма.

III
 
Але ў самы разгар скокаў –
Шусь у карчму з кіем поп!
Не спускаў ён «стада» з вока,
          Настаўляў яго на троп.
А за ім сінкліт царкоўны:
Дзяк і стараста, званар...
Строгі бацька быў духоўны,
Не любіў чартоўскіх чар!
Асабліва ў дні святыя,
Калі забаўкі пустыя
І рознае дрэнства
Не даюць папу даходу
І становяць перашкоду
                  Ў справе набажэнства.
У карчомцы людна, густа,
А ў той Божай царкве пуста –
Поп ды дзяк той, дылда.
І твайго там «алілуя»
Ніхто нават не пачуе,–
Ці ж папу не крыўда?
Поп прыйшоў сюды, каб словам
Чортаў сверб ахаладзіць
І ўдзяўбсці дурным галовам,
          Як на свеце трэба жыць.
Ён не раз ужо з амбону
Бічаваў парафіян,
Непаслушных хрысціян.
Даставалася Лявону
І Пятрусю і Сымону
За чартоўскі чмут, туман,
Бо яны ўсе – канаводы,
Звадыяшы,
І не зварыш з імі кашы
          З-за іх гэтай новай моды.
Адшчапенцы, недаверкі
І расколы!
Іх заўсёды ў царкве гола,
Грош не кінуць на талерку,
Не паставяць Богу свечкі,
А на скокі,
На ігрышча яны докі,
Шалудзівыя авечкі!
Эх, Лявон, Лявон, Лявон!
          Падбухторшчык першы ён.
 
А Лявон быў шыт не лыкам,
Не спалохаўся папа, –
Падышоў, маргнуў музыкам:
– Ану, хлопцы, гопа-па!
 
Барабан забіў трывогу,
Бубен дробна забрашчаў,
Ім басэтля на падмогу,
Смык заядла запішчаў.
Ды як грымнулі, загралі –
          Скура шорхнула ва ўсіх,
І старыя не ўтрывалі,
Як бы чорт задрэнчыў іх.
Сівы Тодар на заслоне
Стаў плячыма вырабляць,
Янка пляскае ў далоні,
Ногі ж просяцца гуляць.
 
Поп, вайшоўшы з-за парога,
Адчыніў быў грозна рот,
Дый застыў ён так, нябога,
          І папаў у пераплёт.
А музыкі не змаўкаюць,
Задаюць ды задаюць,
Аж чарты цябе бяруць
І на скокі падбіваюць.
А Лявон адно гукае:
– Выцінай, бубні, раві!
– Ойча,– дзяк папа штаўхае,
Не ўстаю – благаславі!
 
Поп стаіць, штораз дабрэе,
          Шапка споўзвае са лба,
І рука сама дурэе
Каля правага клуба.
У куток ён кій стаўляе,
Барадою сцеляпнуў
Ды хламіду распраўляе,
Потым галаву прыгнуў
Ды як рынецца з разгону
Біць абцасам аб абцас.
І ігрышча ён з амбону
          Годзе лаяць на той раз.



 
1912,
[1929]

Іншыя творы: Якуб Колас