На дарозе

Якуб Колас

Не крычы, пан: «Прэч з дарогі!»
Што з таго, што я мужык?
А ўжо гнуцца, як убогі,
І я, бачыш ты, адвык.
 
Не адзін ты гонар маеш,
І ў мяне ён трохі ёсць;
Дык дарма ты, пан, гукаеш —
Я табе больш не «псякосць».
 
Мы калісь былі не тыя,
Панавалі тады вы,
А цяпер гадкі другія —
Спаў ланцуг той векавы,
 
На якім вы нас трымалі.
Ведай гэта і не злуй:
Мы вас доўга «шанавалі»,
Цяпер ты нас пашануй.



 
1912

Іншыя творы: Якуб Колас