На восі Рым–Берлін

Якуб Колас

Разявіў пасць Гітлер шырока —
Ён хоча ўвесь свет праглынуць.
Хоць бачыць бандыцкае вока,
Ды воўчыя зубы не ймуць.
 
Надзея на «бліцкрыг» патухла —
На ўсходзе зламаў ён капыт,
Падбітае рыла апухла,
І выйсця шукае бандыт.
 
Ён кідае вока на дучэ:
        — Беніта, падкінь хоць мільён,
Ідзі на Расію,— там куча
Чакае цябе макарон.
 
У славе ваяцкага блеску
Ты вернешся, грозны, у Рым.
Ты прыклад бяры з Антанеску
І прыкладам будзь ты другім.
 
Ты — шворан праслаўленай восі,
Хоць шворан пагнуты, крывы,
Але ў незадачлівым лёсе,
        Беніта, не траць галавы!
 
І рохнуў Беніта, як чушка,
На квінту спускаючы нос:
— За морам цялушка — палушка,
Ды дораг яе перавоз.
Люблю макароны, кантаты,
І Цэзара лаўры я сню.
Але італьянцы-салдаты,
Баюся, — падложаць свінню.
 
Не хочуць ісці на Расію,
        Расія ж... ты ведаеш сам:
Не трудна зламаць у ёй шыю,
Пакінуць штаны свае там.
 
Нахмурыўся фюрэр сурова —
Мяняюцца людзі і час,
І верціцца страшнае слова:
«Уграз я ў Расіі, уграз!»



 
15/ІХ 1941

Іншыя творы: Якуб Колас