У палях Беларусі

Якуб Колас

Дзень добры вам, лясы і далі,
Прасторы вольныя зямлі!
Я зноў між вас, пагоркі-хвалі,
Палоскі цьмянае раллі!
 
Вітаю вас, як блізкіх, родных,
Старыя хвоі на палёх,
І вас, красёнцы сцежак згодных,
Сляды нялічаных дарог!
 
І гэты жоўценькі пясочак,
        Дзе хвойкі зелена растуць,
Бярозы тыя, што ў шнурочак
За рубяжы зямлі бягуць!
 
Над рэчкай гэты луг мурожны,
Дубоў развіслых цэлы рад,
І буслаў дом, стары, заможны,
Як той пасэсарскі пасад!
 
 
То тут, то там лясок сінее,
        Ў лагчынах рэчачкі блішчаць...
Адсюль пакоем Божым вее,
        На ўсім адна ляжыць пячаць:
 
Развагі мудрай, задумення
І нейкай смутнае красы,
І чуеш ў гэтым летуценні
Адвечнай песні галасы.
 
А хмарка ў небе, ў Божым полі,
Плыве шчасліва, як дзіця,
І забываеш мімаволі
Ўвесь клопат буднага жыцця.
 
Куды ні гляне маё вока,—
        Ўсё поўна згоды, дабраты...
Ты маеш выгляды прарока,
Наш край пакуты, край святы!



 
1921

Іншыя творы: Якуб Колас