З песень адзінокага

Якуб Колас

1
 
Я – адзін, жыву без дому,
Сам сабе я першы пан,
Галавы не гну нікому,
Не схіляю гібкі стан.
 
Я — адзін, нічым не скован,
Вольны я, бы дух палёў,
Ад разбойнікаў захован,
Ад усякіх зладзяёў.
 
Я — адзін, нічым не звязан,
    Мне няма над чым карпець,
Свет нідзе мне не заказан,
Вольны ўсюды я ляцець.
 
Скарб мой — рукі, конь мой — ногі,
Як пайду — сам чорт не брат,
Кій у рукі — і з дарогі
Без нуды зірну назад.
 
Даражэй за ўсё — свабода.
Дык што плакацца дарма?
Воля, воля! Толькі шкода,
    Што цябе нідзе няма.
 
        7/ІІІ 1910

2
 
Эх, нашто ўздыхаць па волі,
Калі я не маю долі,
 
Калі марна годы трачу,
Калі сэрца ў смутку плача?
 
Знаць, няшчасным урадзіўся,
Што свет белы зачыніўся,
 
Зачыніўся, збегся клінам...
Горка быць мужычым сынам!
 
Багач ззяе ў пазалоце,
    Мужык бедны мрэ ў бядоце,
У мядалях «зубр» багаты,
А ты носіш адны латы.
 
Бо мужычы сын пахілы
Роўнасць мае... у магіле.
 
4/Х 1908

3
 
Я не маю сваёй хаткі,
Я не помню роднай маткі.
 
Рос я круглым сіратою,
Як той дуб, што над вадою.
 
Мяне матка не люляла,
    Казак, песень не спявала.
 
Чуў я толькі песні бору,
Гадавала мяне гора.
 
Хоць нядоля мяне гнала,
Ўсё ж мне сілы не зламала:
 
Ці ж я ростам не высокі?
Ці ж у грудзях не шырокі?
 
Валасы да плеч густыя,
Мае рукі, як стальныя,
 
Спрытна рэжу дол сахою,
    Здатны ў лузе за касою!..
 
Толькі ж дол чужы капаю,
Толькі долі я не маю!
 
Ой, пайду, пайду я ў поле,
Загукаю: «Дзе ты, доля?
 
Дзе ты, шчасце? Адгукніся,
Ка мне тварам павярніся!»
 
Толькі ж ціха-ціха ў полі,
Толькі вецер дзьме паволі:
«Дарма жыцце тваё гіне,
    Няма долі бедачыне!»
 
29/І 1909

4
 
Што тужыць, гараваць?
Маю сілу ў руках —
Хлеб змагу даставаць,
Хіба праца мне страх?
 
Я — адзін, я — здароў,
Месца ўсюды мне шмат,
Захацеў — і пайшоў,
Пыл узняўшы з-пад пят,
 
Гаспадарку сваю
    Ўсю з сабою вазьму.
Песню я запяю —
Раскатурхаю цьму.
 
Што мне гнуцца ў дугу?
Каму шапку знімаць?
Няўжо ж я не змагу
Сам сябе падтрымаць?
 
Волен свет мне кругом,
Дзе прайду — будзе знак,
Дзе прылёг — там і дом,
    Кожны бедны — сваяк.



 
1909

Іншыя творы: Якуб Колас