На новы рубеж

Якуб Колас

Замлелі тужлівыя далі
За сінім лясным рубяжом,
І лісці дрыжаць перасталі —
Заціхнуў раскоцісты гром.
І вёска ў трывожным чаканні
Знямела, як вулей пусты,
Маўчалі ў зялёным убранні
Над срэбранай рэчкай кусты.
 
Акрылася поле журбою
І выгляд лісцяных адзеж.
Байцы пасля цяжкага бою
Йшлі моўчкі на новы рубеж.
 
Старыя, падросткі і дзеці
Стаялі, сачылі здалёк.
— Куды вы, куды вы ідзеце? ––
Бясслоўна пытаўся іх зрок.
 
І столькі сумоты і болю
У сэрцы захоўваў народ,
Што іх не забудзе ніколі
Баец, адступаўшы на ўсход.
 
Браты мае, родныя людзі!
Наш сонечны дзень не пагас,
Мы ліха-навалу пазбудзем,
Байцы нашы прыйдуць да вас.



 
30/ІХ 1942

Іншыя творы: Якуб Колас