Ноч перад навальніцай

Якуб Колас

Стаў чырван месяц круглаліцы,
І зоркі боязна дрыжаць,
А там крыжуюцца зарніцы,
Бы косяць неба-сенажаць.
 
Бурліць крыніца агнявая,
Бы нейкі грозны віхар-вір,
І бляскі-іскры разлівае,
Як залаты агністы жвір.
 
Замоўк клапотны дзённы голас,
Усюды сон, спакой ляжыць.
На ніве чутка дрэмле колас,
І ліст на дрэве не дрыжыць.
 
Люблю я ночы той час дзіўны,
Калі прастор, абняты сном,
Пабудзіць голас пераліўны —
Далёкіх хмар магутны гром,
 
Калі працягла заракоча,
Гугухне голас угары,
І шыба ў вокнах забразгоча,
І гоман пойдзе па бары.
 
А хмара грозна націскае,
Маланка неба баразніць.
А ночка спіць, а ноч не знае,
Што зараз бура зашуміць.



 
17/VI 1910

Іншыя творы: Якуб Колас