На расстанні

Якуб Колас

Апошні разочак з-за хмар вадзяністых
Сонца зірнула прыветным лучом,
Сагрэла галоўкі дзярэўцаў бязлістых,
Дол асвяціла, наліты дажджом.
 
Ціха, так ціха, што выказаць трудна!
Нават учуеш, як лісцік спадзе,
Як Божая пчолка у воздусе нудна,
Сонца пачуўшы, працяжна гудзе.
 
Глядзіш і здаецца, што недзе разліта
  Журба у прыродзе па светлай вясне,
Што кветкі пасохлі, жыццё што пражыта,
Што вецер халодны зімою дыхне.
 
А сонца так шчыра, так хораша грэе,
Як бы ў вуцеху нам хоча сказаць,
Што зімка ніколі жыцця не здалее,
Што новай вясною лісты зашумяць!
 
Апошняя ласка ў апошнім зіянні
Свеціць так згодна, так міла з гары,
Як тая усмешка ў гадзіну расстання
  На свежым, панадным дзявочым твары.



 
[1911]

Іншыя творы: Якуб Колас