"Эй, скажы мне, небарача..."

Якуб Колас

* * *
 


Эй, скажы мне, небарача,
Ты, каго ў ярме трымаюць,
Чыё жыцце папіхаюць:
Сам гібееш, доля плача,
Ва ўсім чысценька нястача,
 
Сееш многа ты і дбала,
Хоць скупое тваё жніва,
Адкажы ты мне праўдзіва —
Што цябе тут прыкавала?
Ці табе дарожак мала,
 
Або свет тут зачыніўся?
Ці ты глух на папіханкі?
Свецяць рэбры скрозь катанкі,
А праз шапку чуб прабіўся.
Ці ты век цярпець згадзіўся?
 
Ці не чуў аб лепшай долі?
– Ой, даўно б я ўсё пакінуў,
Толькі ж многа слёз я лінуў,
Выліў поту ў тыя ролі,
Дзе ўзыходзяць песні болю.
 
Дык няхай свет хоць трасецца, ––
Я тут вырас, тут і згіну,
А разорак тых не кіну,
Дзе мой смутак, жаль снуецца,
Дзе мне шчасце не даецца,
 
Бо я цвёрда веру ў тое,
Што наш засеў ў полі дзікім
Гневам вырасце вялікім
І затопіць усё злое,
Ўсё няшчасце векавое.



 
28/ІІ 1912

Іншыя творы: Якуб Колас