Да вясны

Якуб Колас

Мароз, зіма,
Снягі вакол,
І спіць трава,
Пад снегам дол.
 
Мяцеліца,
Вятры гудуць,
Дубы ў лугах
Шумяць, равуць...
 
Ці скора ж ты,
Жаданы час
Вясны-красы,
Ідзеш да нас?
 
Ідзі, згані
Снягі з палёў
І выведзі
Ваду з акоў!
 
Акрый лугі,
Адзень лясы,
На жыта кінь
Крыштал расы!
 
Сагрэй ты нас,
Цяплом абвей...
Ідзі, вясна,
Ідзі скарэй!
 



 
30/І 1911

Іншыя творы: Якуб Колас