Ноч

Якуб Колас

Што за ноч! Што за ціш!
Змоўклі травы, краскі.
Усплыў месячык на ўзвыш
Баяць свету казкі.
 
Неба слухае той сказ,
Хмаркі не схіснуцца,
Толькі зоркі раз-параз
Ціха усміхнуцца,
 
Каб сказальніка свайго
Пахваліць як трэба,
Нават знічкі ў чэсць яго
Асвятляюць неба.
 
А ён, смутны вартаўнік
Цёмных шатаў ночы,
Засаромеўся, і знік
Бляск яго сірочы,
 
Знік у рунях і ў шаўкох
Хмарачак маўклівых,
І гусцей на землю злёг.
Гэты змрок імглівы.



 
1922

Іншыя творы: Якуб Колас