«Рыцар» Шыкльгрубер

Якуб Колас

У краіне фрыцаў,
Бач, завёўся рыцар,
Род яго — Шыкльгрубер,
Прозвішча, як бачым,
Чымся тхне свінячым
І гучыць так груба.
 
Шыкльгрубер — нягучна,
Рыцару нязручна, —
Звацца б лепш хоць Вольфам.
        Шыклю ахрысцілі.
Шыклі спарадзілі
Гітлера Адольфа.
 
Змалку ён басячыў,
Шмат начлежак бачыў,
Жыў, хадзіў у брудзе,
Не хватаў зор з неба
І нічым не грэбаў
У паскудным блудзе.
 
Шпік і самазванец,
        Наглы ашуканец,
Цёмных спраў аматар.
Кідаўся на штукі
Майстар на ўсе рукі,
Цёмны правакатар.
 
Потым пафарціла,
Ён раздзьмуў кадзіла
І дабіўся ўлады.
Тысены і крупы,
Хоць іх рыцар глупы,
                Гітлеру ўсё ж рады.
 
Гітлер — іхні малы,
За іх капіталы
Пастаіць, прайдоха.
Гітлеру бароны
Справілі кальсоны,
Прычасалі троха.
 
Вывелі у людзі,
Ход далі паскудзе
З шайкай яго ўсею:
        Гебельсу і Гесу,
Гімлеру-балбесу,
Герынгу і Лею.
 
Вось задумаў рыцар
Змесці ўсе граніцы,
Прагне ён «прастранства».
Затрубіў у трубы
Рыцар іх Шыкльгрубер
На ўсё сваё панства:
 
—Эй, арыйцы-фрыцы!
        Душаць нас граніцы,
Трэба нам прасторы.
Я — ваш Бог, я — фюрэр,
Я — пасланнік буры,
Што змяшчае горы.
 
За Напалеона,
Фрыцы і бароны,
        Я вышэй намнога:
У вясну-другую
Свет я заваюю
                З вашай дапамогай.
 
 
Я нясу вам часы,
Людзям высшай расы,
Панавання немцаў.
А на ўсе народы
Іншае пароды
Я ўзлажу ярэмца.
 
Я — прарок, якога
Не было шчэ ў Бога:
Я — месія новы.
        Я даю вам, фрыцы,
Новыя крыніцы,
Новыя асновы.
 
Вас раней вучылі
Старасвецкай гнілі:
Верным быць, сумленным.
Я ж кажу вам, фрыцы,
Будзьце кравапіўцы
З сэрцам злым, каменным.
 
Чулі вы — культура...
        Плюньце: гэта — дурасць,
К чорту ўсю навуку!
Ёсць адна навука:
Спрытна біць і стукаць
Ды ліць кроў на бруку.
 
Літасці, сумлення
Вырвіце карэнне,—
        Я іх адмяняю.
Біце, рэжце, грабце
Ад машны да лапця
                У варожым краю.
 
Каб за вамі ўсюды
Трупаў стусы-груды,
Як памост, ляжалі.
Вось мае законы,
Фрыцы і бароны,
Вось мае скрыжалі.
 
 
Загукалі фрыцы,
Жорсткія тупіцы: —
— Хайль, Гітлер! Хайль, брава!
        І ардою дзікай,
Плоймай разналікай
Чыняць жах крывавы.
 
Ой ты, звер двухногі,
Жулік, шпік убогі
З цёмнага прытона!
Кідаеш далёка
Ты сляпое вока
Чорнага барона.
 
Толькі ж ведай: фрыцы
Будуць з бітай пыцай,
І ты будзеш біты,
А людскую памяць
Доўга будуць пляміць
Рыцары-бандыты.



 
20/V 1942

Іншыя творы: Якуб Колас