Памяці Караленкі

Якуб Колас

Згас агонь жывога слова!
Ноч стаілася сурова —
Змоўкла чулая струна,
 
Што будзіла і ўздымала,
Да змагання выклікала, —
Перарвалася яна!..
 
Непадкупны, светлы, чысты,
Ты прайшоў свой шлях цярністы,
Не схіліўшы галавы,
 
І удумным, смелым словам
Ты нёс смерць ліхім намовам,
Брэд развейваў векавы.
 
Як прарок, ты нёс народу
Людскасць, праўду, вольнасць, згоду
І к дабру яго ты зваў.
 
З гэтай праўдаю глыбока
Празарлівым сваім вокам
Ў сэрцы нашы зазіраў...
 
Згас агонь жывога слова,
Змоўкла чулая струна!
Ноч маўкліва і сурова,
Цяжка стала цішыня!
 



 
[1922]

Іншыя творы: Якуб Колас